Сведчанне пра пакаянне

Нажмите для увеличения Пра баптыстаў я чула даволі многа, але што такая царква ёсць у нас у Астраўцы ня ведала. Аднойчы сын з нявесткай, якія ўжо даўно прыйшлі да Бога і наведваюць гэтую царкву, запрасілі мяне на малітву. Раней я часта бывала ў касцёле і бачыла, як людзі моляцца, і сама малілася таксама, але тое, што я ўбачыла тут, мяне здзівіла і ўсхвалявала. Людзі маліліся проста і адкрыта. Свае просьбы да Бога яны выказвалі ўслых, ні ад каго не хаваючыся. Я глядзела і бачыла іх вочы, твары. Яны былі поўныя ўпэўненасці, што Бог іх пачуе і дапаможа.
     З таго дня я стала наведваць царкву кожны раз, як праходзілі богаслужэнні. Мяне захапляла і вабіла туды. Я з вялікай цікавасцю слухала пропаведзь пастара, гутарыла з людзьмі і адкрывала для сябе зусім новы свет. Мне вельмі хацелася памаліцца разам з ўсімі, але штосьці трымала мяне. Калі не было нікога ў кватэры, я паціху прасіла ў Бога дапамогі і парады. Мяне вельмі здзівіла, чаму Гасподзь гэтым людзям дапамагае, а мне не. Хутка я пачала чытаць Біблію. Хацелася як мага больш ведаць пра ўтварэнне свету, пра Езуса Хрыста. З кожнай старонкай Святога Пісання я спазнавала ўсё больш і больш. У хуткім часе я зразумела, чаму мяне Бог не слухае і не дапамагае. Як можа Ён выконваць просьбы такіх грэшнікаў, як я? За маімі плячыма вісеў вялікі мех грахоў, які я абавязкова павінна была скінуць.
     “Мне трэба пакаяцца” , – рашыла я. І не проста папрасіць у Бога адпусціць грахі, а пакаяцца з адкрытай душой і сэрцам, адрачыся ад дурных прывычак, ад усіх саблазнаў свецкага жыцця.  

Некалькі дзён і начэй мяне мучыла сумненне. Я ўсе думала, рашала: “-Змагу? Вытрымаю? А можа не? Зламаюся? Што тады? Як будзе сорамна глядзець усім у вочы, асабліва сорамна будзе перад сынам. Я і так вінаватая перад ім, а тут яшчэ гэта.”
     Неўзабаве мы ўсёй царквой паехалі ў Мінск.Там у царкве “Абуджэнне” праходзіла шлюбаванне маладой дзяўчыны і хлопца, членаў гэтай царквы. Я яшчэ ніколі не бачыла як праходзіць вяселле ў веруючых, і гэта настолькі мяне захапіла і зачаравала, што я не магла не толькі гаварыць, але і думаць. А калі я паслухала пропаведзь пастара царквы Немцава Віктара Сілiвеевіча, то ўражанням і эмоцыям маім не было мяжы.
     Назад я вярталася з поўнай упэўненасцю, што я змагу і вытрымаю. Я абавязкова павінна пакаяцца перад Богам за свае цяжкія грахі.

     Калі надышоў гэты дзень я вельмі хвалявалася. Было такое адчуванне, што я паміраю, як паміраў на крыжы Езус Хрыстос за мяне. Слезы ліліся з маіх вачэй, голас дрыжэў, калі я гаварыла малітву пакаяння. Мне здавалася, што гавару зусім не так, не тое, што павінна. Калі ўсё закончылася, на сэрцы было лёгка і спакойна. Не было за плячыма таго вялікага меха, які цяжкім грузам вісеў доўгія гады. Гасподзь прыняў мяне да сябе, і я верыла, што цяпер ўсё будзе добра. Вакол мяне былі людзі, добразычлівыя і спагадлівыя.
     Дзякую Госпада Бога за сваё выратаванне. Вялікі дзякуй майму сыну Аляксею, нявесцы Вікторыі, пастару Яўгенію, якія мне дапамагалі і дапамагаюць зразумець Святое Пісанне. Дзякую таксама ўсім астатнім членам царквы “Лiтасць”, якія дапамагаюць добрым словам і справай.
     Абяцаю табе Госпадзі быць вернай і чыстай, ніколі не вяртацца да былога жыцця. У хуткім часе спадзяюся прыняць вадохрышча. Гэта яшчэ больш прыблізіць мяне да Бога і дапаможыць служыць Яму верай і праўдай.

Пілецкая Людміла Станіславаўна